Харчэўня — гэта сямейны праект. Назвалі карчму ў гонар палескай булачкі, якую ў розных кутках рэгіёну гатавалі то з макам, то са смятанай. Яе пяклі на ўсе святы.
— Пасля цяжкай анкахваробы я была вымушана зволіцца з працы. Ну як я чалавек рухавы, то доўга не магу сядзець без працы. Дзеці вырашылі, што ў мяне ёсць талент да гатавання. Можа яны і правы, бо, калі я выходзіла замуж, мой муж важыў 60 кілаграм, зараз 120, — смяецца Алена.
Многім рэчам жанчыну навучыла свякроў. Яна паказала, як трэба адносіцца да печкі, як у ёй гатаваць. Калі Алена працавала старшынёй сельскага савета, то вельмі часта сустракалася са старымі жыхарамі раёна. Яны расказвалі, што і ў які час гатавалі. Усе рэцэпты Алена запісвала і зараз па ім працуе.
— У Тураве ёсць два тыпу людзей: прывалокі, як я, — дзяўчыны, якіх ўзялі замуж, і навалач — так называюць сем'і, якія пераехалі ўсе разам. Я ў гэтым горадзе жыву ўжо 30 гадоў, таму лічу, што прыжылася. Сама буду з Гарадзеншчыны, таму люблю гатаваць і нешта беларуска-польскае або беларуска-ўкраінскае. Ведаю і габрэйскую кухню, якая ў сваім часе пераплялася з беларускай.