Уласны дом: мара ці інвестыцыя?
Калі чалавек будуе ўласны дом, звычайна ён плануе звязаць сябе з гэтай зямлёй. У падобных выпадках, як правіла, паўстае пытанне: ці збіраецца эмігрант вярнуцца на Радзіму? Ці будуе ён дом для сваёй сям'і, або мае намер здаваць у арэнду ці ўвогуле прадаць адразу ж па пабудове?
Урэшце, навошта амерыканцу, хай нават і амерыканскаму беларусу, узводзіць дом у Сінявокай: ці варта лічыць рашэнне Аляксея заснаваць гаспадарку на роднай зямлі звычайнай праявай пашаны да Радзімы? Або да гэтага праекта слушна ставіцца выключна як да выгоднай інвестыцыі ў нерухомасць?
Аляксей просіць не ўспрымаць ягоны намер гэтак літаральна.
— За часам жыцця ў ЗША мы атрымалі досвед і адукацыю, якія дазволілі нам думаць глабальна і не прывязвацца да пэўнай краіны. Да таго ж, у Штатах нарадзіліся нашыя дзеці - таму мы з жонкай дбаем пра іх будучыню. У нас з’явілася ідэя выхаваць у дзецях неспажывецкае стаўленне да жыцця, якое ўласцівае еўрапейскаму менталітэту, але нехарактэрнае для амерыканскага. На нашую думку, кожны чалавек можа ды мусіць быць карысны не толькі для сябе, але таксама для іншых людзей і навакольнага асяроддзя.