Мы используем файлы cookie. Используя сайт realt.by, вы соглашаетесь с Политикой конфиденциальности

Регистрация

«Бяда, што дарогі i палацы рамантуюць адны i тыя ж людзі». Рэстаўратар пра аднаўленне замкаў i працу на сваёй зямлі

21.02.2019 1 2032

Як завалодаць помнікам архітэктуры? Якія задачы вырашаюць пры рэканструкцыі? Каму патрэбная гістарычная спадчына ды як на ёй зарабіць? Хто можа лічыць сябе мінчуком? Ці марыць беларус працаваць на ўласнай зямлі? Жыве ці выжывае вёска? Чым адрозніваюцца светапогляды беларусаў? У Дзень роднай мовы Realt.by паразмаўляў з рэстаўратарам і вандроўнікам Аляксеем Гулякевічам.

Фота: Павел Садоўскі

Аляксей Гулякевіч — інжынер-канструктар праектнага філіяла адкрытага акцыянернага таварыства (ААТ) «Белрэстаўрацыя». Гэтая арганізацыя займаецца ў тым ліку аднаўленнем гісторыка-культурных каштоўнасцей. Па-за працай Аляксей цікавіцца гісторыяй і краязнаўствам, актыўна падарожнічае па Беларусі. У траўні споўніцца 2 гады аматарскаму праекту «Адвечным шляхам», які Аляксей стварыў для вандровак па Беларусі: пешшу, на роварах і на вёслах.

Фота: Павел Садоўскі

«Рэстаўратар — інжынер-навуковец, здольны да фантазіі ды імправізацыі»

— У чым адметнасць працы рэстаўратара? Чым «Белрэстаўрацыя» адрозніваецца ад шараговага праектнага інстытута?

— Найперш мяне здзівіла, што ў «Белрэстаўрацыі» кожны праект, апрача галоўнага інжынера (ГІПа) ды галоўнага архітэктара (ГАПа), курыруе навуковы кіраўнік. Таксама ў нас ёсць штатны гісторык.

У звычайным праектным інстытуце ты можаш пераканаць ГІПа ў сваім праектным рашэнні, узгадніўшы яго з сумежнымі аддзеламі. У «Белрэстаўрацыі» навуковы кіраўнік адмовіць табе з абгрунтаваннем: «Тут так было спрадвеку, і павінна застацца. Ідзі думай яшчэ». Ты мусіш падладжвацца пад распрацоўкі тваіх папярэднікаў. У рэстаўратара значна болей крэатыўнай працы, чым у інжынера. Ёсць дзе прымяніць фантазію, увесь час патрэбна імправізаваць і шукаць нестандартныя выйсці.

Акрамя таго, адчуваю адказнасць перад грамадствам, бо прыкладаю руку да захавання гісторыка-культурнай спадчыны свайго народа. Праца рэстаўратара ў нечым навуковая. Ёсць пэўная рамантыка ў тым, каб штодня працаваць з будынкамі, якія астатнія людзі бачаць на грошах, паштоўках, у рэкламе. Рэстаўратар — больш, чым прафесія: выпадковыя людзі сюды не прыходзяць.

Фота: Павел Садоўскі

— Над якім праектам ты працуеш зараз?

— Палацава-паркавы комплекс «Свяцк» у аднайменнай вёсцы Гродзенскага раёна. Пасля рэканструкцыі палац стане адным з карпусоў санаторыя «Азёрны». У галоўным доме размесцяць гатэль, а ў флігелях — музей ды рэстаран. Асаблівасць палаца — дугападобныя галерэі з падвальнымі памяшканнямі. Падобна да палаца Сапегаў у Ружанах, галерэі злучаюць галоўны дом з флігелямі. Паводле праекту, столі галерэй пасля рэканструкцыі будуць эксплутаваць у якасці тэрас.

— Які найстарэйшы аб’ект, з якім працавала «Белрэстаўрацыя»?

— Магчыма, замак у Навагрудку.

— А самы незвычайны праект?

— Аднойчы я прыйшоў зранку на працу і атрымаў заданне: начарціць раскладку трунаў. Або ўяві яшчэ: скляпенні, дзе стаялі бочкі з віном, трэба пераўтварыць у рускую лазню.

«Функцыю будынка вызначае замоўца рэканструкцыі»

— Нагадай адрозненні рэстаўрацыі ад рэканструкцыі.

— Пры рэстаўрацыі аснова будынка застаецца ранейшай, але робіцца касметычны рамонт: падтынкаваць, дакласці цагляную кладку. Пры рэканструкцыі пакідаюць нязначную частку будынка — астатняе разбіраюць, старыя матэрыялы замяняюць новымі. Пры мадэрнізацыі будынак рамантуюць на новы лад, калі ён састарэў у тэхналагічным або ў эстэтычным сэнсах. Пры кансервацыі збудаванне ўмацоўваюць: дзякуючы гэтаму канструкцыі або іх рэшткі захаваюцца да пачатку непасрэдна будаўнічых прац.

Рэстаўрацыя — мінімальнае ўмяшальніцтва ў стан будынка. Рэканструкцыя — больш значныя перамены ў канструкцыі, экстэр’еры, функцыянальным прызначэнні будынка. Мадэрнізацыя найчасцей тычыцца заводаў і фабрык, калі ў ранейшыя сцены цэха проста завозяць больш сучаснае абсталяванне. Кансервацыя адносіцца не толькі да старадаўніх аб’ектаў: часам узвядзенне новага будынка прыпыняюць на няпэўны тэрмін, бо гэта атрымліваецца танней за працяг будаўніцтва.

Што да рэканструкцыі з прыстасаваннем, якую палюбілі прымяняць у Верхнім Горадзе — гэта глабальнае змяненне функцыі будынка. Замоўца плаціць грошы — і вырашае, што ён хоча размясціць у будынку. Няма юрыдычных абмежаванняў, якія б перашкодзілі замоўцу размясціць, скажам, забаўляльны аб’ект у будынку колішняга культавага. Але ў грамадскасці могуць з’явіцца пытанні да міністэрства культуры: чаму ў спрадвечным будынку касцёла з’явіўся, напрыклад, паб альбо стрып-клуб.

Фота: Павел Садоўскі

— Прывядзі яскравыя прыклады кожнага з гэтых відаў прац.

  • Рэстаўрацыя: Чырвоны касцёл, касцёл Панны Марыі, касцёл святога Роха.
  • Рэканструкцыя: Мінская ратуша, Горкаўскі тэатр, гатэль «Еўропа».
  • Мадэрнізацыя: «Аліварыя» (тэхналагічная), Купалаўскі тэатр (канструктыўная), стадыён «Дынама».
  • Кансервацыя: Мінскае гарадзішча, дамініканскі храм святога Фамы Аквінскага ля Палаца рэспублікі, лютэранскі квартал у Нямецкай Слабадзе («Ружачцы»).
  • Рэканструкцыя з прыстасаваннем: вуліца Рэвалюцыйная, вуліца Зыбіцкая, дамы на плошчы Свабоды абапал касцёла Панны Марыі.

— Якія ключавыя пытанні ў працы паўстаюць перад рэстаўратарам?

— Найперш аўтар праекту мусіць вызначыцца, для каго і для чаго ён працуе. Бывае, людзям рве душу разуменне, што сваё радавое гняздо варта так ці інакш захаваць. Тады даводзіцца вырашаць: ува што ты хочаш пераўтварыць будынак. У любым выпадку, у кожную нерухомасць трэба ўкладаць грошы. Дом жывы, калі ў ім жывуць. Калі ён проста стаіць — ён разваліцца, як гэта адбываецца з былой польскай школай у Радашковічах.

Фота: Павел Садоўскі

Гісторыка-культурная каштоўнасць: жыццё ў музеі

— Як будынак становіцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю?

— Працэс надання будынку статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці пачынаецца з абгрунтаванага зварота ў міністэрства культуры — зрабіць гэта можа любы грамадзянін. Аднойчы ў Магілёве каштоўнасцю прызналі адзін з жылых дамоў, прычым з адпаведным запытам звярнуўся жыхар нават не гэтага дома, а суседняга. Наколькі я ведаю, у жыхароў «новай» каштоўнасці ўзніклі праблемы: ты абмежаваны ў магчымасцях рамонта, пачынаеш жыць нібы ў музеі, мусіш плаціць адмысловы падатак. Не ўсім гэта даспадобы.

— Як я магу набыць гісторыка-культурную каштоўнасць?

— Ніяк, яна належыць грамадству. Але ты можаш арэндаваць яе ў дзяржавы на 100 год. Пасля заключэння дамовы арэнды цягам 5 год ты мусіш падрыхтаваць будынак для дэманстрацыі турыстам. Ты маеш права жыць у доме, але з пэўнай перыядычнасцю павінен пускаць да сябе гасцей — як у Букінгемскім палацы. Адначасова ты можаш аказваць турыстам розныя паслугі.

Фота: Павел Садоўскі

— Што я мушу зрабіць, каб атрымаць права арэнды гісторыка-культурнай каштоўнасці?

— Перамагчы на тэндэры, які час ад часу ладзіць раённы выканаўчы камітэт. На 1-м тэндэры ты выйграеш зямельны ўчастак разам са збудаваннямі на ім. Пасля перамогі табе давядзецца аплаціць не толькі арэнду, але і перадпродажныя працы (ацэнка маёмасці, падрыхтоўка дакументацыі, правядзенне тэндэра) — за кошт гэтых прац выніковая сума ў параўнанні з арэндай самога будынка можа ўзрасці ўтрая.

Новы ўласнік (умоўны, памятаем) ладзіць 2-гі тэндэр: для праектных арганізацый. Прычым «Белрэстаўрацыя» — не манапаліст рынку рэстаўрацый, ёсць і прыватныя кампаніі. Пераможца тэндэра распрацоўвае праект, узгадняе з замоўцам і экспертызай.

Свае тэндэры ладзяць для падрадчыка (будаўнічай арганізацыі) ды матэрыялаў. Цягам 5 год пасля пачатку арэнды пачынаюць рэканструкцыю, прычым у выпадку з гісторыка-культурнай каштоўнасцю праект можа ўдакладняцца практычна бясконца: заўжды ёсць верагоднасць адшукаць які-небудзь артэфакт за часам прац або дадатковых абследванняў.

— Ці можа ўмоўны ўласнік змяніць што-небудзь у будынку на свой густ?

— На любыя ідэі ды фантазіі праектыроўшчыкі павінны атрымаць дазвол навуковага кіраўніка праекту. Ён даглядае эстэтычную адпаведнасць будынка стылю, ухваляе выкарыстанне матэрыялаў, канструкцый, форм, колераў.

— Ці паболела за апошнія гады мецэнатаў, беларусаў замежжа, якія вяртаюцца да каранёў?

— Першая хваля рэканструкцыі з’явілася на пачатку 1990-ых, але зараз вось ужо працяглы час назіраюць паступовае павелічэнне індывідуальных замоў на рэканструкцыю. Людзі або вяртаюцца ў родныя мясціны, або свядома абіраюць такі лад жыцця.

Фота: Павел Садоўскі

«Табе недаспадобы афіцыйны праект? Распрацуй свой і пераканай замоўцу»

— Як табе так званае «пераасэнсаванне класікі на сучасны капыл»? Псеўдагістарычны гандлёвы цэнтр з паркінгам па няцотным баку Нямігі, шкляныя аб’ёмы ды каўбойскія салуны на Зыбіцкай — ці можна гэта зразумець?

— «Што тут сказаць — хіба што нічога», адказаў бы Лявон Вольскі. Мы жывем (прынамсі, робім выгляд) у рынкавай эканоміцы, дзе пануе канкурэнцыя. Усё вырашаецца на тэндэрах: хто, што ды як будзе рабіць — гэта будаўнікі, падрадчыкі, матэрыялы. Знешні выгляд будынкаў абірае замоўца, найбольш уплывовы чыннік — грошы.

— У свой час для той жа Зыбіцкай Антон Астаповіч з паплечнікамі па Таварыстве аховы помнікаў распрацавалі альтэрнатыўны праект, які паўтараў ранейшую планіровачную структуру квартала, функцыі будынкаў, выглядаў болей аўтэнтычна за афіцыйны праект ды нават змяшчаў больш «карысных» квадратных метраў для бізнэсу. Чаму ж замоўца аддаў перавагу выніковаму праекту?

— Каб пазбавіцца ідэалізму, паўторым: мы дэкларуем капіталізм, замоўца абірае праект на ўласны густ. Бывае, грамадскасць стварае альтэрнатыву, накіроўвае яе ў міністэрства культуры, тое перакідвае падрадчыку, ён паказвае макет замоўцу — а таму не падабаецца стыль або параметры.

Актывісты могуць прыйсці наўпрост да замоўцы і папрасіць: мы вам бясплатна распрацуем 3D-мадэль, толькі прытрымлівайцеся нашага праекту. Задача актывістаў - пераканаць замоўцу, вынесці праект на грамадскае абмеркаванне. Іх культура ў нас пакуль у зачаткавым стане — але гэта лепей, чым нічога.

Фота: Павел Садоўскі

— Чаму многія свежыя праекты не задавальняюць грамадскасць?

— Рэканструкцыя можа пакінуць ранейшую функцыю будынка — або змяніць яе. Калі жылы дом перарабляюць у музей — усім падабаецца, калі ж у вядомым будынку з’яўляецца карчма — пачынаюцца скаргі. Хаця зразумець такую матывацыю цяжка.

— Чаму замоўцы пагаджаюцца са спрэчнымі праектамі? Чаго бракуе людзям, якія плацяць грошы: агульнага кругагляду, гістарычнай абазнанасці, пачуцця густу? Або яны проста знаходзяцца ў палоне сквапнасці?

— Як правіла, знесці ды збудаваць наноў танней за рэканструкцыю. Падчас яе трэба правесці шмат дадатковых работ: гістарычных, археалагічных, архіўных. У некаторых выпадках (напрыклад, палац Сапегаў у Беразіно) замоўца адмаўляецца ад рэалізацыі праекта, калі разумее, што пераацаніў свае магчымасці.

— Некалькі год таму ўлады Мінска пачалі актыўна высяляць з гістарычнага цэнтра карэнных мінчукоў, каб стварыць там турыстычны кластэр. Гэта слушная ідэя або забудова любога квартала мусіць быць змешанай: жылыя дамы чаргуюцца з грамадскімі аб’ектамі?

— Дзяржава вырашыла, што будынкі ў гістарычным цэнтры павінны працаваць для турыстаў. Яны ходзяць па цэнтры, а не па Малінаўцы — хоць і там ёсць такі цікавы помнік, як курганы. Вітрына Мінска — Верхні Горад. Адпаведна, ягоныя будынкі мусяць задавольваць патрэбы турыстаў. А тамтэйшыя жыхары не ўпісваліся ў гэтую сістэму.

Гарадскі квартал не павінен быць штучным, нагадваць музей і выміраць уначы: у любым квартале ўвесь час мусяць жыць людзі, якія ажыўляюць квартал сваёй прысутнасцю, камунікуюць з турыстамі, пастаянна карыстаюцца паслугамі публічных устаноў і забяспечваюць іх рэнтабельнасць праз стабільны попыт.

Фота: Павел Садоўскі

«Патрыятызм — як рэлігія: яму не навучышся, да яго прыходзіш сам»

— Чым ёсць гістарычная спадчына: архітэктурны аб’ём ці атмасфера месца, як зараз кажуць ўрбаністы?

— Палац Радзівілаў у Нясвіжы стаў музеем, у Мірскім замку працуе гатэль. Гэта еўрапейскі падыход да захавання спадчыны: ты можаш стала знаходзіцца ў будынку (прыкладам, ночыць у хостэле) — і адначасова дакрануцца да жывой даўніны.

— Чаму гэта важна? Каму патрэбна?

— Найперш, павага да сваёй гісторыі ды культуры — лагічны працяг павагі да сябе. Да таго, гэта спрыяе развіццю турызму — адпаведна, стварае працоўныя месцы ды напаўняе бюджэт дзяржавы. Спадчына натхняе на годныя ўчынкі, спрычыняецца да маральных разваг, стымулюе развіццё эстэтычнага густу. Зрэшты, помнікі архітэктуры — носьбіт духоўнага капіталу народа. Гэта сумленне перад сваімі продкамі ды нашчадкамі. «Быў. Ёсць. Буду», як казаў Уладзімір Караткевіч. Абы нам ды турыстам было цікава.

Іншая справа, зараз існуюць новыя тэхналогіі: у тым ліку, новыя патрабаванні да электрычнасці, ацяплення, вентыляцыі. Пры рэканструкцыі гістарычных будынкаў даводзіцца ламаць галаву: як паяднаць аўтэнтычнасць з рэаліямі; як захаваць фасад, падмурак, канструкцыі - і зрабіць так, каб будынкаў адпавядаў сучасным нормам пажарнай бяспекі. Канешне, прасцей усё знесці ды збудаваць наноў, чым калупацца з вітражом або фрэскай — але пра гістарычнасць у такім выпадку казаць не выпадае.

Аляксей на «Беларускай інтэлектуальнай гульні». Фота: Настасся Сазанавец

— На захаванне духоўнага капіталу мы выдаткоўваем матэрыяльны: грошы падаткаплацельшчыкаў. Як патлумачыць гэтыя выдаткі людзям, якія не цікавяцца гісторыяй?

— Да разумення гэтага варта прыйсці самому, як да рэлігіі. Памятаеш, як спяваў Уладзімір Мулявін: «Я буду маліцца і сэрцам, і думамі». Вось так гэтыя патрэбы і асэнсоўваеш. Урэшце, з захаванай спадчыны можна атрымаць прыбытак: усё для людзей, як у выпадку з храмамі. У гістарычных каштоўнасцях можна размясціць што заўгодна: музей, гатэль, кавярню, кінатэатр, каворкінг. Усяляк, дзяржаўная прапаганда патрыятызму — фікцыя: кожны чалавек прыходзіць да гэтага сам.

— Беларусы ўжо пераканаліся ў важнасці архітэктурнага скарбу?

— У параўнанні з суседнімі краінамі, у нас сітуацыя яшчэ не такая жахлівая. Беларусаў называюць памяркоўнымі, а насамрэч мы абмяркоўныя: пасядзім, абмяркуем і зробім талакой. Беларусы рэагуюць не так палымяна, як французы або італьянцы — але асэнсаванне прыналежнасці да нерухомай спадчыны прыходзіць, хай і павольна.

Сядзіба Алешкаў (пасёлак Новаберажное, Столінскі раён). Фота: Аляксей Гулякевіч

«Прыкра, што дарогі ды палацы рамантуюць адныя й тыя ж людзі»

— На Беларусі дагэтуль захавалася багата замкаў - нягледзячы на ўсе трагічныя падзеі апошніх стагоддзяў. Якія праблемы ўзнікаюць пры аднаўленні замкаў?

— Перад пачаткам рэстаўрацыі або рэканструкцыі любы аб’ект варта абследваць. Для гісторыка-культурных каштоўнасцей акрамя матэрыяльнага ладзяць гістарычнае абследванне, калі шукаюць матэрыялы пра ранейшы выгляд будынка: чарцяжы, фатаграфіі, замалёўкі або хаця б апісанні.

Стагоддзе пабудовы можам вызначыць па архітэктурным стылі, з годам складаней. Імя архітэктара звычайна вядомае для будынкаў, не старэйшых за XVII стагоддзе — у гэтым выпадку можам арыентавацца на іншыя работы архітэктара. Калі імя дойліда застаецца таямніцай, арыентуемся на іншыя тагачасныя пабудовы.

Час, выдаткаваны на працу, вымяраецца памерамі замка — і тым, што з ім хочуць зрабіць. Нярэдка праца над адным аб’ектам працягваецца гадамі.

— Наколькі прымальна змяняць прызначэнне гістарычнага будынка? Напрыклад, калі ў галоўным уніяцкім саборы святога Язэпа размясцілі дзіцячую філармонію? Або калі ў келлях кляштара бернардынцаў адкрылі гатэль «Манастырскі»?

— Калі гісторыка-культурная каштоўнасць выглядае прыгожа, адметна, аўтэнтычна — да яе гісторыі хочацца дакрануцца. Калі ты ўнутры весела бавіш час — гэта пытанне не да каштоўнасці. Абражае не функцыя, а форма: не бяда, калі ў кляштары адкрываюць рэстарацыю — страшна, калі ў сярэднявечным замку устаўляюць пластыкавыя шклопакеты.

Фота: Павел Садоўскі

— Чаму так адбываецца: гэта гістарычнае невуцтва або жаданне зэканоміць?

— У Беларусі існуе праблема кампетэнтнасці: ўмоўны «Будтрэст імя Чырвоных Камунараў» спярша рамантуе дарогі, а потым ідзе рэканструяваць каралеўскі палац. Сказваецца і нястача грошай: нам патрэбныя нават не праектыроўшчыкі, а граматныя будаўнікі - тыя, хто працуе рукамі. Значыць, у краіне павінен існаваць штат такіх прафесіяналаў - адпаведна, на іх мусіць быць попыт.

У гэтую сферу павінны ўкладацца грошы. Неістотна, хто будзе фундаваць развіццё рынку рэстаўрацыйных паслуг: дзяржава, інвестар, мецэнат, грантадаўца. Але праца рэстаўратара сезонная. Калі ў каго-небудзь з’яўляецца ідэя што-небудзь адрэстаўраваць, адразу шукаюць працоўных. І няважна, кім яны працавалі раней: дарогі пракладвалі - ну што ж.

— У мінулым стагоддзі беларусы шмат пацярпелі праз палітыку савецкай улады: у людзей адбіралі гаспадаркі, перасялялі ў далёкія землі. Гвалтоўная адарванасць ад каранёў паўплывала на менталітэт народа, на архітэктуру?

— Найяскравейшы прыклад — нэаготыка 1910-ых: Чырвоны касцёл, касцёл святога Аляксея ў Івянцы, касцёл у Сталовічах пад Баранавічамі. Іх пабудавалі падчас палітыкі рэлігійнай талярантнасці. Расейскія ўлады яшчэ ад XIX стагоддзя па-варварску прычаплялі на беларускія цэрквы ды касцёлы залатыя цыбуліны. Таму ў беларускай нэаготыцы запанавала мода на тонкія вежы, на якія нельга было апрануць стандартную цыбуліну.

Касцёл святога Аляксея (Івянец). Фота: Аляксей Гулякевіч

«Каб быць мінчуком, трэба жыць у Мінску, а не проста працаваць тут»

— Уяві праект сваёй мары. Што б ты зрабіў, маючы неабмежаваныя магчымасці?

— У нашай сям'і ёсць домік у вёсцы, але мы карыстаемся ім як лецішчам. Я жыхар места: думаю, як мяшчанін. Не магу ўявіць, што з’еду з Мінска на перыферыю. Мне хапае там усяго, але само ўяўленне пераезду цяжка ўспрыняць. У Мінску ў мяне зашмат спраў, я не паспяваю ўсё зрабіць. А калі прыязджаю ў вёску — там я ужо паспеў. Адкладаю гадзіннік і сачу за часам па сонцы.

— Якія праблемы могуць узнікнуць пры рэканструкцыі ўласнага дома?

— Існуюць абмежаванні па плошчы зямельнага ўчастка: 25 сотак для лецішча і 1 гектар для гаспадаркі. Як правіла, «Белрэстаўрацыя» не бярэцца за адзінкавыя праекты рэканструкцыі маёнткаў: для нас гэта дробязі па аб’ёме працы ды па грошах. Мы не можам засяроджвацца на сядзібах, пакуль нашага прыходу чакае багата палацаў ды замкаў па ўсёй Беларусі. Нам пашчасціла на гістарычную спадчыну, хоць і не заўжды дагледжаную — але нам катастрафічна не хапае працоўных рук.

Сядзіба Завішаў (гарадскі пасёлак Першамайск, Уздзенскі раён). Фота: Аляксей Гулякевіч

— А ці змяніў бы ты што ў Мінску?

— Мінск — суцэльны мурашнік, я да яго ўжо прызвычаіўся. Гэта ўсё адно, як накідаць кучу, і сказаць: трэба прыбраць з яе асадку. І што цяпер, разбіраць усю кучу, каб дастаць тую асадку?

— Ці слушна ў якой-небудзь форме назваць мінчукамі працаўнікоў з Маладзечна або са Случчыны?

— Аніяк. Мінчук жыве ды працуе ў Мінску — і рана ці позна, задумваецца пра навакольнае асяроддзе: архітэктуру, дызайн, атмасферу. Жыхар малога горада ездзіць у сталіцу на заробкі і б’ецца над тым, як паяднаць гэтыя мясціны. Колькі палачаніна Мінскам не кармі - ён усё адно глядзіць у Полацк: прынамсі, пакуль ты не дасі палачаніну жыллё ды прапіску ў сталіцы, хаця б у Каменнай Горцы.

— У чым адрозненне гарадскога ды сялянскага ладу жыцця?

— Калісьці Лявон Вольскі спяваў: па горадзе ты бегаеш і нікуды не паспяваеш, а прыедзеш у вёску да дзеда — і там ты ўжо паспеў. Я таму й хаджу ў вандроўкі, каб адчуць гэтую дваістасць: з аднаго боку, сама прырода размяшчае да адпачынку, запрашае растварыцца ў часе ды прасторы — з іншага боку, ёсць расклад руху цягніка або аўтобуса.

Для гараджан ўнутраная свабода — паняцце палітычнае, сацыяльнае. Нават калі ты заможны чалавек, ты ўсё адно залежыш ад грошай. Сяляне разумеюць свабоду інакш: для іх яна сінонім прасторы, абшару. У вёсцы ты выходзіш у чыстае поле ды літаральна бачыш свабоду, можаш яе метафарычна памацаць або нават абняць.

Фота: Аляксей Гулякевіч

«Праца на сваёй зямлі - падмурак стабільнага ды заможнага жыцця»

— Зямля і дом для беларуса — від нерухомасці ці штосьці сакральнае?

— Саветы адбіралі дамы ў агульную маёмасць: ты па-ранейшаму жывеш у сваім доме, але цябе адтуль могуць выгнаць у любы момант. Такая дзяржаўная палітыка істотна паўплывала на людзей, якія пачалі хаваць свой дабрабыт ад вонкавага агляду. Зменшылася сіла прывычкі назапашваць рэсурсы, у выніку людзі пачалі жыць адным днём. Аднак за гады аднаўлення незалежнасці беларусы патроху зноў адкрываць у сабе здольнасць і памкненне нажываць.

— Ці важна зберагаць дом сваіх бацькоў? Ці ёсць патрэба ў сувязі з месцам? «Не прадавайце дом бацькоў, вас не ўратуюць грошы тыя» — рамантызм паэта Паўла Саковіча ці рэальная патрэба свядомага чалавека?

— Варта асэнсоўваць сваю сувязь з зямлёй, дзе жылі твае продкі. Неабавязкова жыць там, дастаткова прыязджаць на лецішча. Ты прыязджаеш і ведаеш усё пра кожны каменьчык: па гэтай сцежцы я вучыўся хадзіць, у гэтай рацэ хрысцілі маю маці, пад гэтым дрэвам дзед змайстраваў мне флюгер.

Палац Гатоўскага (аграгарадок Чырвоны Бераг, Жлобінскі раён). Фота: Аляксей Гулякевіч

— Існуе 2 падыходы да захавання продкавых маёнткаў: беларусы спрадвеку гуртуюцца вакол радавога гнязда, амерыканцы гатовыя кардынальна змяняць месца жыхарства дзеля больш прывабнай працы. Які падыход пасуе табе?

— У Амерыцы значна большыя адлегласці і некалькі мегаполісаў. Напраўду, залежыць ад чалавека ды сітуацыі. Калі ты жывеш і працуеш у Мінску, наўрад ці ты паедзеш на выходныя на лецішча пад Хойнікамі. Людзі, з якімі я размаўляў, кажуць «А што мне застаецца»? Аптымальная адлегласць для лецішча — да 50 кіламетраў ад горада.

— Каманда дэпутата парламента Ганны Канапацкай рыхтуе заканапраект аб зменах ў Кодэкс аб зямлі. Жыхары рэгіёнаў хацелі б вярнуць зямлю ў сапраўдную ўласнасць? Ці гатовыя беларусы да рэстытуцыі?

— А дзе працаваць? А каму прадаваць? Мяркую, участкі проста падаражэюць, бо патрэбна будзе заплаціць падатак на зямлю. Але для тых, хто застанецца, гэта было б прыемна: адчуваць сябе гаспадаром на сваёй зямлі, жыць і працаваць на сябе — гэта ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Фота: Павел Садоўскі

«Беларусы паўсюль розныя, але Захад больш развіты за Усход»

— Ці светапогляд беларусаў падобны ў розных кутках Сінявокай?

— Насамрэч, беларусы вельмі адрозніваюцца між сабой. Ва Усходняй Беларусі (Бярэзінскі раён) усім усё абыякава. На полі ля ракі Крапіўна зараз ралля — а там жа адбылася бітва пад Воршай, стаяць крыжы.

На поўдні Беларусі (Жлобінскі раён) займаюцца сваім — я ўвогуле няшмат людзей там сустракаў. У Гомелі ўсіх хвалююць выключна стасункі з Расіяй.

Заходнія палешукі працуюць у Польшчы ды Расіі, ездзяць на закупы ва Украіну. Адначасова вядуць гаспадарку: альманы, «агурковыя каралі». Яны ўжо больш заможныя, маюць час, каб паразважаць. Калі чалавек задаволіў свае першасныя патрэбы паводле піраміды Маслоў, ён можна надаць увагу й больш высокім катэгорыям.

На паўночным захадзе (Глыбоцкі раён) людзей мала, яны намагаюцца выжыць. Прыдумляюць, гандлююць усім запар. Да чаго дайшло: сустрэлі шляхціца, які ганарыцца сваім паходжаннем — дык ён чымсьці барыжыць. Даруйце, калі вы займаецеся ганлдярскай справай — кладзіце герб на стол, гэта першае парушэнне кодэксу.

У Заходняй Беларусі багата дапамагаюць палякі. Зразумела, яны прасоўваюць свае інтарэсы — але робяць гэта ненавязліва, прыхавана. На могілках ля капліцы стаяць шыльды са звесткамі аб рэканструкцыі - і ты не знойдзеш на шыльдах рускай мовы. У такіх месцах «рускім светам» і не пахне.

Цэнтральная Беларусь — па сутнасці, частка Мінскай агламерацыі. Фактычна, усё Прысталічча ездзіць на працу ў Мінск. У гэтым выпадку цяжка казаць пра рэгіянальныя адметнасці менталітэту.

У цэлым, Заходняя Беларусь падчас шматлікіх войнаў меней пацярпела праз палітыку выпаленай зямлі. Шчыльнасць насельнітва на Захадзе большая, чым на Усходзе — большая і канцэнтрацыя славутасцей. На Захадзе 20 кіламетраў - максімальная адлегласць між суседнімі пунктамі. На Усходзе гэта мінімум.

Фота: Аляксей Гулякевіч

— Зараз беларусы бягуць па цывілізацыю ў Мінск. Між тым, стагоддзі таму Нясвіж, Слонім, Смаргонь дзякуючы магнатам мелі еўрапейскую вядомасць. Як шляхта ладзіла паспяховую дэцэнтралізацыю?

— Мінчукі дзеляць людзей на сталічных жыхароў і правінцыялаў. Гэты падзел цягнецца ад узнікнення гарадзішчаў. Шляхта служыла князю ваенным апірышчам, была першым сябрам — але не магла правіць у адным горадзе са сваім князем. Таму шляхціцы раз’язджаліся па рэгіёнах.

У гарадах з’явіліся мяшчане, якія праз поспехі ў рамесніцтве ды гандлі маглі канкураваць са шляхтай па прыбытках — але не па статусе. Мяшчане пачалі набываць шляхецтва дзеля прывілеяў. Шляхціц жа не меў права гандляваць пад пагрозай пазбаўлення статусу.

Калі шляхціц не едзе на кірмаш — кірмаш едзе да шляхціца. Для гэтага патрэбна, каб вясковыя працаўнікі былі ў стане забяспечыць дастатковы аб’ём і якасць тавараў, што прывяло б у фальварак грошы з бліжэйшых мясцін. Зварот грошай адбываўся паміж сялянамі, якія потым плацілі падаткі шляхціцу як арганізатару кірмашу. Інакш кажучы, шляхціц быў зацікаўлены ў інвестыцыях ва ўласную вёску.

Нагадаю, беларускі вясковец не быў «закрепощён», як расейскі селянін. Пан прыганяў на працу, але вясковец заставаўся чалавекам, а не уласнасцю. Пан мог дапамагчы вяскоўцу аднавіць дом, даць грошай на вяселле. Немагчыма ўявіць на Беларусі бурлацтва, бо беларускія сяляне ніколі не былі рабамі шляхціцаў.

Сядзіба Маўросаў (вёска Тарнова, Лідскі раён). Зараз унутры жылыя кватэры. Фота: Аляксей Гулякевіч

«Хочаце ажывіць вёску? Дайце людзям працу»

— Эканамічная палітыка дзяржавы спрычыняецца да ўшчыльнення ды перанасялення Мінска. Паралельна чыноўнікі дэкларуюць намер адрадзіць вёску. Як гэта паяднаць?

— Калі вёска яшчэ не памерла, то выжывае, як можа. У кожнага са 118 раёнаў Беларусі свае асаблівасці - а я аб’ездзіў болей за 30. Канцэнтрацыя насельніцтва ў адзіным цэнтры высмоктвае сокі з астатняй тэрыторыі. Але якія перспектывы застаюцца ў жыхароў правінцыі?

Тым не меней, я заўважаю, як былыя райпошныя крамы выкупляюць прыватнікі, замест аўталавак па вёсках раз’язджае «Е-дастаўка». Пэўная надзея ёсць, варта праводзіць адпаведную дзяржаўную палітыку. Перш за ўсё, трэба забяспечыць людзей працай.

— Ці магчыма яшчэ вярнуць вёску да жыцця?

— У Глыбоцкім раёне я бачыў аграгарадок: звычайныя будынкі з пенаблокаў, атынкаваныя. Гэтыя дамы ўжо забітыя, у іх нават не засяляліся. Тут ініцыятыва дзяржавы трэскаецца, як свежая тынкоўка. Можна раздаваць землю і дамы хоць бясплатна — але ў людзей павінны быць чалавечыя ўмовы жыцця ды стымул заставацца ў правінцыі.

Фота: Павел Садоўскі

— «Мінскграда» любіць сцвярджаць, што прыватнаму сектару не месца ў гарадах. Такая пазіцыя часта выклікае абурэнні жыхароў, якія прыходзяць на грамадскія абмеркаванні праектаў забудовы раёнаў. Горадабудаўнікі маюць рацыю?

— Мінск імкліва пашыраецца, паглынае былыя вёскі. Драўляныя хаты ў цэнтры горада — пытанне функцыянальнасці тэрыторыі. Усе ахвотныя жыць у вясковым антуражы могуць абраць у гарадской мяжы, скажам, дом у Зацані.

Іншая справа, што пераезд з ўласнага дома ў шматпавярховік на тым самым месцы перарывае сувязь з продкамі. Калі жыхароў прыватных дамкоў на беразе прытока Свіслачы высяляюць на ўскраіну Сухарава на 19-ты паверх «панэлькі» — гэта стрэс.

— Аграсядзіба — ключ да выжывання вёскі або проста забава?

— Гэта самадастатковая гаспадарка, якая не мае дачынення да вёскі. Калі аграсядзіба стварае працоўныя месцы — ёсць карысць для наваколля. Калі гэта сямейны бізнэс — ніякай вартасці для сялян у аграсядзібы няма. Адзінае, ёсць яшчэ турыстычны патэнцыял — але зноў жа, болей для краіны, чым для мясцовых жыхароў. Ва ўсіх аграсядзібах, якія я бачыў, гаспадаркай займаліся выключна члены сям'і.

Фота: Павел Садоўскі

Фота: Павел Садоўскі, Аляксей Гулякевіч, Настасся Сазанавец

Есть что сказать?
Читать:

Эксклюзив Realt.by

Витрина

Продается база отдыха

4 га земли в заповедном парке «Урочище Пышки» 10 капитальных строений , все коммуникации

Светлана

Контакты: +375 29 677-5...

Лента новостей