«20 тысяч рублёў на даўгі за памяшканне сабралі за 4 дні». Беларусы паказалі цуд салідарнасці і дапамаглі Таварыству беларускай мовы
26.05.2021 2 5177
Зусім нядаўна ў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны з’явіліся праблемы з аплатай арэнды памяшкання і камунальных паслуг. Аднак грошы хутка сабралі звычайныя беларусы. Пагутарылі са старшынёй таварыства Аленай Анісім і высветлілі, чаму з’явіліся праблемы і што грамадская арганізацыя будзе рабіць далей.
Таварыства беларускай мовы існуе з 1989 года. У раду ТБМ у розныя часы ўваходзілі знакамітыя беларускія пісьменнікі і навукоўцы: Васіль Быкаў, Янка Брыль, Алег Лойка, Максім Танк, Артур Вольскі, Фёдар Янкоўскі, Уладзімір Арлоў, Васіль Зуёнак, Адам Мальдзіс і інш.
Старшынямі Таварыства беларускай мовы былі Ніл Гілевіч (1989−1996), Генадзь Бураўкін (1996−1999), Алег Трусаў (1999−2017). З 2017 года і па сённяшні дзень старшынёй з’яўляецца Алена Анісім. З ёй мы і пагаворым пра набалелыя праблемы.
— Нядаўна ў таварыства з’явіліся праблемы з аплатай камунальных рахункаў і арэнды. Ці сутыкалася арганізацыя з падобнымі праблемамі раней?
— У канцы 90-х ТБМ мела сетку шапікаў па Мінску, дзе прадавалася сімволіка, газета «Наша слова», значкі і іншая атрыбутыка. Неўзабаве пасля рэферэндуму на ТБМ былі накладзеныя вялікія штрафы. На тыя часы гэта была сума каля 15 тысяч долараў. Быў нават момант, калі прыехалі дзяржорганы і пачалі апісваць маёмасць ТБМ. Тады былі задзейнічаны ўсе сувязі не толькі ў Беларусі, але і сярод беларусаў замежжа. І яны дапамаглі сплаціць гэты доўг, а ТБМ вярнулася ў сваю сядзібу.
— У іншыя часы мы звярталіся па дапамогу да розных юрыдычных асобаў, але ніводная фірма, ніводзін банк, на жаль, ТБМ ні разу не падтрымаў. З іншага боку, як бы гэта дзіўна не гучала, у нас ёсць сталае супрацоўніцтва з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, якое пачыналася яшчэ пры Козіку (3-і старшыня Федэрацыi прафсаюзаў Беларусі (2002—2014), — прым. рэд.). Яно ўключае ў сябе аказанне спонсарскай дапамогі ад ФПБ, падпіску на «Наша Слова» па бібліятэках, па музеях і па ўсёй Беларусі. Мы дадалі 9 рублёў, каб аформіць падпіску на запланаваныя адрасы. Пакуль гэта адзіны наш сталы партнёр, які дапамагае беларушчыне хаця б ў такім выглядзе.
На цяперашнюю сітуацыю паўплываў 2020 год, а менавіта пандэмія. Нам давялося згарнуць дзейнасць, бо людзі папросту баяліся сустракацца. Мы не праводзілі ніякіх курсаў, заняткаў, выставаў. Адпаведна за гэты час было вельмі мала паступленняў, ахвяраванняў, складак. Акрамя таго, за гэты час шмат чальцоў увогуле сышлі з жыцця. Многія з іх былі даволі актыўнымі сябрамі ТБМ. Хоць гэта была не адзіная прычына, але за год выйшла 1000−1300 рублёў недаплаты. Асноўныя выдаткі - гэта арэнда, тэлефон, электрычнасць. Арэнда тут высокая — каля 100 базавых вялічыняў. І за гэты год запазычанасць склала каля 20 тыс. рублёў. Доўг рос паступова. Трэба было думаць, як выходзіць з гэтай сітуацыі, і я напісала ліст у «Наша слова». Але не паспела газета выйсці, як патэлефанавалі і сказалі, што прыйдуць адключаць электрычнасць, бо ў нас вялікая запазычанасць. Толькі цудам нам яго не адключылі.
— На сённяшні дзень усё цалкам сплочана: не толькі запазычанасць па арэндзе, але і ўся пеня, якая набегла за гэты час. Дапамаглі простыя людзі. Змаглі ахвяраваць толькі тыя, хто жыве ў Беларусі, бо ў нас механізм аплаты з замежжа пакуль не працуе. Наш стары сайт яшчэ ў доступе, але ўжо працуе тэставая версія новага сайта tavarystva.by. І зараз мы вядзем размовы пра тое, каб непасрэдна на сайце можна было збіраць грошы. Раней такіх механізмаў не было, але цяпер ёсць. Спадзяюся, што праблемы са зборам сродкаў зменшацца.
— Гісторыя ТБМ ад пачатку звязана з гэтым будынкам?
— Так. Можа таму мы і трымаемся за яго, бо ў свой час Пётр Кузьміч Краўчанка, які працаваў у Мінскім гарадскім камітэце партыі, паспрыяў таму, што ТБМ было выдзелена гэтае памяшканне. На той момант ТБМ узначальваў народны паэт Беларусі Ніл Сямёнавіч Гілевіч. Калі б яны парупіліся яшчэ тады і набылі памяшканне ва ўласнасць, можа, пасля было б менш праблем. Але, можа, нечага не хапіла або гэта было на той час немагчыма.
Шмат хто нам казаў, што варта было б памяняць гэтае памяшканне. Абыходзіцца дорага і ці апраўданыя ўсе гэтыя высілкі, каб яго захаваць. З пункту гледжання размяшчэння — яны апраўданыя, а вось на конт матэрыяльных выдаткаў - варта падумаць. Ужо былі пошукі, але адэкватнай замены пакуль не знайшлося.
— У сувязі з пандэміяй шмат хто перанёс сваю дзейнасць у анлайн. Ці разглядалі вы падобны варыянт?
— Мы не адмаўляемся ад падобных спалучэнняў як метадаў. Але цалкам перайсці ў анлайн… Груба кажучы, не хочацца пераўтварацца ў робатаў.
— Як пытанне па аплаце было вырашана?
— Доўг быў сплочаны літаральна за 4 дні. 15 мая я пакінула пост на сваёй старонцы. Бухгалтар яшчэ не бачыла на рахунку гэтыя грошы, але праз паведамленні з сістэмы E-pay паступіла каля 7 тыс. руб. А ў канцы дня яна паведаміла, што прыйшло 11 тыс. руб. 24-га мы аплацілі адну частку, а на наступны дзень астатнюю.
— Словам, беларуская салідарнасць жыве.
— Слоў няма. Гэта цуд. Хочаш не хочаш, вер не вер, але гэта тое, што адбылося. Па шчырасці я не чакала, бо такой падтрымкі мы яшчэ не бачылі. У 2017−2018 годзе мы збіралі грошы праз платформу Ulej.by. Паставілі сумму 3000 рублёў, бо па ўмовах платформы, калі не атрымліваецца сабраць патрэбную суму, то грошы вяртаюцца фундатарам. Тады, светлай памяці, Юрый Зісер пералічыў 500 рублёў, пасля яшэ нехта, і ў выніку мы збіралі грошы каля трох тыдняў.
— Але ж падобныя праблемы з’яўляюцца перыядычна?
— Так, бо грамадская арганізацыя — гэта не камерцыйная арганізацыя, якая мае свой бізнэс-план. Грамадская арганізацыя — гэта структура, якая ўвесь час жыве за ахвяраванні і за складкі. Пралічыць, якая колькасць паступіць, немагчыма. З іншага боку, шмат што залежыць ад тых сяброў, якія, аднойчы напісаўшы заяву, кожны год аплочваюць складкі. Бо калі, умоўна кажучы, ведаеш, што ў цябе 2000 сяброў (з іх 50% пенсіянераў, 50% працуючых), можна разлічыць: 2000 па 15 рублёў - атрымліваецца 30 тыс. рублёў на год павінна быць жалезна. Пры тым на заробкі ідзе столькі, на арэнду столькі, на ўсё астатняе столькі. Але, на жаль, так не атрымліваецца. Складкі не заўсёды паступаюць стабільна, па-другое, шмат людзей пакінулі гэты свет. У базах яны яшчэ фігуруюць, а насамрэч іх ужо няма.
— На дадзены момант у ТБМ 6000 чальцоў?
— Так, плюс-мінус. Дакладна не ведаем, але наш чалавек пачаў займацца гэтай справай. Гэта будзе рабіцца з дапамогай тэхналогій, праз электронныя адрасы. Але яны не ва ўсіх ёсць, бо ёсць сябры, каму за 90 год.
— Будзем спадзявацца, што падобных праблем у будучыні будзе менш або яны ўвогуле знікнуць, а цікавасць да беларушчыны ў нашым грамадстве будзе расці.
— Гэта залежыць ад нас саміх.
— Я з вамі згодны.
— На сённяшні дзень мы адкрытыя для прапаноў. Нам патрэбна памяшканне каля 50 кв.м. ТБМ разглядае варыянты новай сядзібы з меншай арэнднай платай. Неабходна памяшканне з непасрэдна офіснай часткай для кіраўніка і невялікай канферэнц-залай, дзе можна сабраць актыў і правесці сход сакратарыяту, дзе можна сабраць кіраўнікоў раённых арганізацый ці правесці заняткі для школьнікаў. Калі атрымаецца эканоміць 300−400 еўра ў месяц — гэта ўжо будзе істотнай палёгкай.
Для вялікіх з’ездаў можна разава здымаць памяшканне. Гэта каштуе пад’ёмныя грошы. Мы праводзілі з’езд на Чапаева. Гэта недалёка, там маецца асобны ўваход, уся патрэбная тэхніка там таксама ёсць і ад метро недалёка. Гэта нам абышлося рублёў у 300.
Цяпер уся арэнда за месяц разам з камунальнымі абыходзіцца ў 2500 рублёў. Усе памяшканні тут, на Румянцава, 13, займаюць каля 80 кв.м. Выходзіць 10 еўра за квадратны метр. Не так і дорага для офіса ў цэнтры, але памяшканне акрамя ўсяго патрабуе капітальнага рамонту. Пакуль нам удалося толькі памяняць уваходныя дзверы і адно акно. Усё астатняе для нас непад’ёмнае. Тут трэба мяняць праводку, праводзіць рамонтныя работы як унутры, так і звонку.